РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ноч перад двабоем
І выбраны час. І прызначана мейсца двабою.
Начышчана зброя, і коні трывожацца ўноч.
Царква атрымала даброты ад кожнага воя,
І сон не кранае жаночых спалоханых воч.
А нехта ўжо біўся ў заклад на віно і на коней,
Хто з рыцараў першы жыцьцёвую чару дап’е.
І толькі адно невядома нікому, нікому –
За што гэта рыцары жыцьці крыжуюць свае.
Над лесам – зубчастым і цёмным, як воўчая крэпасьць,
Плыве маладзік, бы турэцкая шабля, крывы.
І сьпее ахвярнасьць у душах, і гасіцца рэўнасьць,
І сон пераможна ў свае уступае правы.
Сьвятар, што на споведзі кожнаму ўпёк за гардыню,
Малітвы свае адчытаўшы, таксама заснуў.
Усё – як належыць.
І біцца павінны мужчыны,
Бо маюць радзіму, жанчыну і гордасьць – адну,
І што ім, ахопленым дзікай гульнёй самагубства,
Жыцьця непаўторнасьць і сьмерці глухая драма...
Сьпяць рыцары...
Сьняць тую самую, пэўна, спакусу,
Якая зьвяла іх,
Якой не адкрыюць імя.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.