#1 Можна памерці ў любую хвіліну Проста па п’янцы, а не за Айчыну... Можна памерці... Ды хочацца жыць, Як пасьля п’янкі расолу папіць. Хочацца выйсьці зь сябе, як з кватэры, І заблудзіцца ў завулках у шэрых, Дзе ўжо ніхто і даўно не жыве, Дзе на асфальце трава, як агонь на траве... Можна памерці... Як пыл з вакна сьцерці, Можна памерці... Ды хочацца жыць, Цень мой за мной, як Іуда бяжыць... Хочацца жыць... Але можна памерці, Быць у труне, нібы ліст у канверце... Можна памерці... Можна памерці...
#2 Напішу вар’яцкіх вершаў – і памру, А пакуль што моўчкі каву завару Чорную, як вечар за маім вакном, Горкую, як думкі перад вечным сном. Тэлефон зазвоніць, бы разьб’ецца ціш, А ў разьбітай цішы ты, як лёд, маўчыш. Холадна ў кватэры і няма сьвятла, І згарэлі сьвечкі, як і дзень, да тла. Напішу вар’яцкіх вершаў – і памру...
|
|