Ларысе Геніюш
Воля на чужыне, На Радзіме краты. Выбар – невялікі, Толькі выбар ёсьць. Вецер сумна вые, Воўчы цень ля хаты У зубах трымае, Згаладалы, косьць. Зойдзе цень на ганак – Не кажы нічога. Добра што на сьвеце Ёсьць яшчэ сябры. Сьвечка асьвятляе І крыжы, і Бога. Сьвечка сьветла плача, Сьвечка не гарыць. А навокал цёмна, Нібы ў дамавіне. А навокал цені, А навокал – сон. Толькі вецер вые. Вецер у Айчыне З могілак узьняты Крыламі варон. І пачата споведзь Прад людзьмі і Богам. І пачуты словы, І пачуты крык. Толькі на Айчыну Помніцца дарога, Дзе ў руцэ Айчыны З дыямэнту цьвік.
|
|