На чорных крылах хваль плыве тапелец сіні, Вароны кружацца галодныя над ім. А хамы на ўзьбярэжжы, як на градах сьвіньні, Балююць сыта, не бядуюць ні аб чым. Ганяе вецер, быцам прывіды, газэты, За імі мухі злосна чорныя гудуць. Гніюць сьмярдзюча ў травах агуркі, катлеты. А пляшкі – п’юць ратамі бітымі ваду. А ён плыве, абняўшы плынь рукамі, Цяжкі, як лёс, які ня варты і граша. Глядзіць спакойна ў неба чорнымі вачамі, Дзе каняй шэрай лётае, крычыць душа. Да берага прыплыў, а хамы сьпяць, як сьвіньні, І сыты храп, як пыл, ляціць па сьвеце ўсім. І б’ецца ў бераг галавой тапелец сіні, Вароны звар’яцела каркаюць над ім.
|
|