РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Лёгкі сьнег замятае зямлю,
Сьнег цяжкі цёпла шэпча «люблю»
І мы ў сьнезе зьнікаем густым,
Нібы ў воблаках Ерусалім,
У якім нам ніколі ня быць,
Бо нам гэтае поле любіць,
Празь якое дарогі няма
З каралеўства на высьпе Зіма.
Белы сьнег замятае жыцьцё,
Як на вуліцах менскіх сьмяцьцё
Замятаецца аж да вясны,
Ля якой мы стаім, як сьцяны,
За якой невядомы нам сьвет,
У якім ці патрэбен паэт,
Што самотны, як сьнег, што ляціць
На зямлю, каб палёт свой любіць
І ня помніць далёкіх аблок,
Як ня помніць сябе матылёк
Напачатку зямнога жыцьця...
Ты сьмяесься, бы ў Храме дзіця,
У зіме адзінокай, як мы.
Там за полем старыя дамы
І да іх нам ісьці празь сьнягі,
Як рацэ вясной празь берагі.
І мы ў сьнезе ня зьнікнем густым,
Як ня зьнік у пяскох Ерусалім...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.