«Люблю мінчанак маладых, Ад іхніх ног займае дых...» – Гаворыць сябра і ўздыхае І поўны келіх выпівае. І сёньня бар яму, як рай. Музыка, грай! Музыка, грай! І не глядзі, што мы п’яныя, Галоўнае, што мы жывыя І разумеем прыгажосьць. А ў прыгажосьці – д’ябал ёсьць. – О як бы іх я распранаў! О як бы іх я цалаваў! – Гаворыць сябра, вар’яцее І многа п’е, а піць – ня ўмее, Але ўсё ж помніць пра дзяўчат. На іх кідаючы пагляд, Зноў поўны келіх налівае. Душа жыве, душа сьпявае: – Люблю мінчанак маладых, Ад іхніх ног займае дых...
|
|