Міхасю Казлоўскаму
...А мы пераможам, бо мы не адны, І гэта зямля – гэта наша зямля, Якая даўно ўжо чакае вясны, Нібыта чакае марак карабля На востраве тым, які ў моры сівым, Нібы скамянелы над вогнішчам дым. А мы пераможам, бо з намі наш Бог, Які не адрокся і сёньня ад нас, Калі адракаюцца ў нас ад дарог, Якімі ішлі празь сьнягі і праз час Гэроі самотнай, як вечнасьць, зямлі, Дзе хаты, бы ўрослыя ў ціш караблі. А мы пераможам, бо хочацца нам Людзьмі называцца, хоць мала хацець, Хацець, як на сьвяты заходзіцца ў Храм І там не маліцца, а толькі глядзець На сьвечкі, якія ня ты запаліў, Але іх сьвятло, як жыцьцё, палюбіў. А мы пераможам... Ды толькі – калі? «Калі нас ня будзе на гэтай зямлі!» – Гаворыш мне ты, і мы бачым праз дым Наш час, быццам човен у моры сівым...
|
|