РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда нацдэма
У келіху, нібы агонь, віно.
Нябёснай прорвай прад табой вакно.
Пачаўся дзень... І што цяпер рабіць –
Ці піць і плакаць, ці ў той сьвет званіць,
Ня знаеш ты, і ўжо ня хочаш знаць.
У прорве неба журавы ляцяць
І значыць, восень, ну а там – зіма,
Нібыта белая ў тайзе турма,
Дзе ты марнеў і, гледзячы ў вакно,
Вачамі неба піў, нібы віно,
І дні ляцелі, нібы журавы,
І ты дамоў вярнуўся ледзь жывы,
Каб зноў праз вокны паглядаць на сьвет,
Нібы ў тайзе на чалавечы сьлед
Воўк малады, які ня знаў людзей...
У келіху, нібы агонь, віно,
І ад яго наўкол крыху сьвятлей,
І растае, нібыта лёд, вакно,
І прарастаеш ты, нібы трава
На мейсцы тым, дзе спалена царква,
Дзе ты маліўся хлапчуком малым...
І прарастаеш, як над сьвечкай дым,
У гэты сьвет, дзе сёньня мы жывём,
Бы ўцёкшы з турмаў па тайзе ідзём...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.