РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Жыцьцё, нібыта нітка Арыядны
Вядзе нас празь сьмяротныя грахі,
Празь лёсу лес, як цемру, непраглядны
У сьвет вядзе далёкі і глухі.
І мы з табой ідзём і заўважаем,
Што чым далей, тым лёсу лес цямней
І шлях назад крыжамі зарастае,
Але вярнуцца хочацца мацьней
Да тых сьцяжын, дзе мы жыцьцё любілі,
Нібы цукеркі, што куплялі нам
Матулі нашы, што ў царкву хадзілі
Нічога не гаворачы бацькам,
Нібы грашылі на сьвятыя сьвяты...
І мы з табой ідзём па іх сьлядах,
Нам дождж на вокнах хат малюе краты
І б’ецца лісьце ў полі на вятрах,
Нібыта шкло, якім зашкліла неба
Мінулая вясна, дзе мы з табой
Былі, і нам тады было нятрэба
Нічога больш, чым ціш над галавой,
Дзе Млечны шлях, як нітка Арыядны...
Ды не вярнуцца больш ніколі нам
Празь лёсу лес, як цемру, непраглядны
У той стары, даўно згарэлы Храм...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.