РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Вясёлыя вершы – усьмешка вар’ята,
Які заблудзіўся ў самотным жыцьці
У горадзе змрочным, дзе вечнае сьвята.
Празь вечнае сьвята нам трэба прайсьці,
Прайсьці, як праходзіць вада празь пясок
І робіцца чыстаю, і ажывае,
І сьвет ажыўляе, нібы вецярок
Над травамі жоўтымі пыл уздымае
І робіцца ветрам, які ўсё зьмятае
Са шляху свайго, па якім нам ісьці
І вершаў вясёлых хацець, як напіцца,
Каб суму ня бачыць у сумным жыцьці
І каб ад самоты сваёй не ўлюбіцца
У чорную даму, што ў бары сядзіць,
І ёй не патрэбна дурное каханьне,
Ёй трэба любоў, што ў шампанскім бурліць
І куляй сядзіць у халодным нагане...
Вясёлыя вершы – усьмешку вар’ята
Хаваю за кветкі, якія ты любіш,
І нават калі ты мяне ўсё ж загубіш,
Ня будзеш у сьмерці маёй вінавата,
Бо вершы мае – гэта меч майго ката...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.