РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шэсьць санэтаў для ...

#1
А ён прысьвяціў вам санэт,
А мог прысьвяціць вам жыцьцё
Той ціхі, як травы, паэт,
Самотны, бы ў восень лісьцё.
 
Але ці шчасьліва б жылі
Вы ў сьвеце, дзе тлум і вятры,
Якія шляхі замялі
У сьвет вам знаёмы, стары...
 
І сёньня ня трэба крычаць,
Што нельга жыцьцё зноў пачаць.
Жыцьцё – не на ветры лісьцё.
 
А ён прысьвяціў вам санэт,
Як хтось падарыў вам букет...
Ён мог прысьвяціць вам жыцьцё.

 

#2
Я вас адпускаю на волю,
Я вольнай вас бачыць хачу.
Я вас не забуду ніколі,
За вамі, як сьмерць, палячу.
 
Ня трэба мне слоў разьвітальных,
Самотных я слоў не люблю.
Мне з вамі жылося сьвітальна,
Трывожна, бы ў шторм караблю.
 
І сёньня ў любую хвіліну
За вас я, самотны, загіну,
Каб толькі вы шчасна жылі.
 
А вам не патрэбна нічога.
Вы птушка абраная Богам.
Бяз вас мне ня жыць на зямлі.

 

#3
Яшчэ ўсё можна нам з табой зьмяніць
І словы не сказаныя сказаць,
І можаш ты мяне ’шчэ палюбіць,
Калі ўжо немагчыма пакахаць.
 
І гэты сьвет, дзе мы з табой жывём,
Ня будзе клеткай залатой для нас
І мост у рай ахопіцца агнём,
І нам асьвеціць наш з табою час.
 
Яшчэ ўсё можна нам з табой зьмяніць...
Ды рвецца шлях, як Арыядны ніць...
І я цяпер адзін і ты адна.
 
І можаш ты мяне ’шчэ палюбіць...
І я магу ўжо больш віна ня піць...
Ды чорны дзень між намі, як сьцяна.

 

#4
Гэты дзень праляцеў, як страла...
Гэты дзень прашумеў, як трава...
Ты са мной у царкве не была,
І самотна стаяла царква.
 
Гэты дзень, як сусьветны пажар,
Гэты дзень, як сусьветны патоп.
І анёлы глядзелі з-за хмар,
І вясна цалавала мне лоб.
 
Я на крыж, як на долю, глядзеў
І душой да анёлаў ляцеў,
І ня знаў, дзе цябе адшукаць.
 
Гэты дзень праляцеў, як страла...
Гэты дзень, як царква безь сьвятла...
І мне ўсьлед нашы дзеці глядзяць.

 

#5
Вось і ўсё... Цябе са мной няма,
Нібы сонца ў небе патанула
І прыйшла, нібыта сьмерць, зіма
І халодна ў вочы мне зірнула.
 
Вось і ўсё... Няма ўжо ў садзе руж,
Толькі сьнег бялюткі, як папера,
На якой твой вечна п’яны муж
Піша вершы пад Апалінэра.
 
Вось і ўсё... Каму і што казаць?
Мне пара ў чужыну ад’язджаць,
Дзе, магчыма, безь цябе памру...
 
Вось і ўсё... За мной вятры ляцяць
І ў вагоне мне ўсю ноч ня спаць,
І чакаць, нібы пажар, зару...

 

#6
Гады прайшлі, нібы прайшлі дажджы,
І шлях назад размыты і забыты,
Але твой вобраз не прапаў з душы,
Ён сьвеціцца, нібы сасуд разьбіты.
 
Нібы сасуд разьбіты, не зьляпіць
Таго, што не паўторыцца ніколі.
І час праз нас, нібы агонь, ляціць
І патухае пад крыжамі ў полі.
 
Я ведаю, там добра безь мяне
Табе ў далёкай ціхай старане,
Дзе кожны дзень прыходзіць, быццам сьвята...
 
Я пра сябе нічога не скажу,
Я на нябёсы, як на Храм, гляджу,
Шапчу: «Ты ані ў чым не вінавата...»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.