РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда закаханага наркамана
Ты халодны, як камень, што ляціць у вакно,
Дзе красотка твая не з табою віно
Сёньня п’е і сьмяецца, і курыць гашыш.
Ты спакойны, як камень, як камень, маўчыш.
Ты ляжыш у труне, што вязуць на клады,
Ты ляжыш у труне, як салдат малады,
Што ня помніць вайны хоць і быў на вайне,
Ты ляжыш у труне, ты ляжыш у труне,
Як заўчора яшчэ на пасьцелі ляжаў
І красотку сваю, як агонь, цалаваў,
Цалаваў і гарэў, і, як порах, згарэў
І, як попел, з вакна на зямлю паляцеў
Ад цыгаркі, якую з красоткай курыў
І якой пра любоў, як пра рай, гаварыў.
І красотка адна засталася цяпер,
Ды цяпер да яе прыстае інжынер
І каменьне, як кветкі, кідаў ў вакно,
Дзе красотка твая з афіцэрам віно
Сёньня п’е і сьмяецца, і курыць гашыш.
Ты ж спакойны, як камень, як камень, маўчыш,
Бо ляжыш у труне, што засыплюць зямлёй
І ніхто не прыпомніць, што ты быў гэрой
Невядомай вайны, што мінула даўно...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.