РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Цётка
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Бунтаўнік
Сьнегу горы. Мароз цісьне,
Аж скрыпяць малыя санкі,
А Тамаш па Сіўцы сьвісьне –
I капытам з мураванкі.
Так галопам прэ дахаты,
Аж у храп пайшла скаціна.
Ці ня едзе ён у сваты?
Мо сумуе там дзяўчына?
Мо сьпяшыць ён на ігрышча?
Мо музыкам там іграе?
Усё пугай сьвішча, сьвішча,
Усё Сіўку паганяе.
Прыляцеўшы на падворка,
Сані кінуў, бяжыць ў хату:
«Выбачай ты мне, сьвякроўка,
Выбачай і ты мне, тату.
Выбачай і ты, Гануля,
Жонка люба, сэрцу міла,
Птушка мая ты, зязюля,
Помні, каб тут не тужыла.
Выбачай, сыночак родны,
Што няхрышчаным пакіну, –
Можа, будзеш ты галодны,
Можа, будзеш есьць мякіну,
Можа, станеш клясьці татку,
Можа, камень за мной кінеш,
Мо пачнеш ты лаяць матку...
Бога бойся, а то згінеш.
Бацька любіць цябе вельмі,
Не нацешыцца даволі.
А што зробіш, калі шэльмы
Хочуць хапіць да няволі?
А там могуць, не судзіўшы,
На вяроўку ды угору...»
Тут Тамаш, сьлязу праліўшы,
Ды праз дзьверы, ды у нору.
 
Студзень – люты, 1906.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.