РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Балядны маналёг Францыска Скарыны
каля 1490 – каля 1551
Я спытаў у людзей: «Як жывеце, браткі?»
«Слава Богу, яшчэ мы жывём...» – адказалі мне ўсе.
І ў пустыя кішэні схавалі глыбей кулакі.
Як цярпліва мой люд да магілы нядолю нясе.
 
Я спытаў у царквы: «Што стаіш без крыжоў, без званоў?»
І ўздыхнула царква, і ўзьляцелі вароны з царквы.
Праз асфальт зь небыцьця праступіла нявінная кроў
І згарэла празь міг у зялёным агмені травы.
 
Я спытаў у забытых магіл: «Хто вас так патаптаў?»
Толькі глуха магілы бяз слоў прастагналі ў адказ.
А над горадам шэрым анёлак самотны лятаў,
Нёс у белай руцэ распатрошаны процівагаз.
 
Я ў Айчыны спытаў: «Ці чытаюцца кнігі мае?»
Завішчэў-закрычаў ля карыта раскормлены Хам:
«Што нам кнігі твае, кніга есьці людзям не дае!»
Сапраўды не да кніг, калі сьвіньні забраліся ў Храм!
 
Час ня той, век ня той, толькі ўсё як было, так і ёсьць:
Адны ў поце гібеюць, другія спраўляюць гульбу,
Гаспадар-беларус на Айчыне жыве, нібы госьць,
І бясконца за волю, за мову вядзе барацьбу.
 
І хацеў я праклясьці сябе і вярнуцца ў Нябыт,
Але вецер залётны мне з пляца, як зь неба, прынёс
Галасы маладых, што казалі ўсю праўду пра быт
І пра кнігі мае, і народа чарнобыльскі лёс.
 
І пайшоў я на пляц, і пабачыў «Пагоню», сьцягі,
І пачуў сваю мову і песень прывольны разьліў,
І адчуў: родны край не заменіш ніякім другім
Аніколі,
Ніколі,
Нідзе
І нічым на зямлі!
 
1991
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.