РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Пятра Мсьціслаўца
16 стагодзьдзе
Друкуеш кнігі, ну а іх баяцца
Царкоўнікі, якім асьвета – зло,
А не жывое божае сьвятло,
Якому быць ня толькі ж у палацах.
 
І ты з Масквы ў Заблудаў уцякаеш,
У родны край, дзе твой народ жыве
І не губляецца, нібы ў траве,
У шэрым сьвеце, што ня стане раем
 
Хоць райскага жыцьця ўсе тут жадаюць,
Тут на зямлі, дзе Храмы, дзе турма,
Дзе ты друкар і лепшага няма,
Чым ты, і ўжо ня ў госьці запрашаюць
 
Мамонічы цябе, а каб у Вільні
Ты кнігі друкаваў для ўсіх людзей,
Якім за родны край краёў мілей
Няма й ня будзе, і ня ўзыдзе быльнік
 
На курганох, дзе Беларусь сьвятая,
Бо кніга кожная твая сьвятлом,
Нібы анёлак незямным крылом
Нас ад цямнечы злой аберагае...
 
8.VI.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.