РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Аршанскае бітвы
8.09.1514
Не вясна, ды Крапіўна ля Воршы,
Як з палону, ідзе зь берагоў.
І крыляе над ёй чорны коршак,
Бо ня рэчка цячэ, цячэ кроў,
Кроў маскальская, нашая кроў.
І ты сёньня ня прыдзеш дамоў,
Бо ляжыш, як на пласе, на полі,
Дзе ня ўстануць ніколі, ніколі
Ні чужынцы, ні нашыя воі,
Пра якіх дома скажуць: «Гэроі!»,
Ну а потым забудуць, каб зноў
Праліваць звадзянелую кроў.
І цябе не пакліча Астрожскі,
Бо цябе ўжо на сьвеце няма,
Ты душою ляціш у Храм боскі,
Белы-белы, нібыта зіма,
І чырвоны, як нашая кроў,
Як віно, як і кроў маскалёў,
Што хацелі наш край зваяваць,
А цяпер у Крапіўне ляжаць
І ня ўстаць ім ніколі, ніколі,
Як ніколі ад нас нашай волі
Анікому, нікому забраць
Не дадзім мы, бо сёньня на полі
Ты ляжыш, як прад Богам наш шлях,
Ты ляжыш, нібы меч на руках
У Айчыны, якой ты ня знаеш,
За якую душой адлятаеш...
 
22.VIII.2005.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.