РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Яна Кішкі
? – 26.07.1592
У Княстве Вялікім, як сэрца, Айчына
Твая, для якой нарадзіўся, жывеш.
Шуміць ля дарогі старая рабіна,
Карэньні, як косьці, у пыльнай траве.
 
У Лоску табе сьняцца Рым і Балонья,
Дзе ты навучаўся Айчыну любіць
Не за тое, што нас яна ўсіх бароніць,
За тое, што можам яе бараніць.
 
Друкарню тваю пахваліў бы Скарына,
Бо ты, як Скарына, асьвету нясеш.
І кнігі твае, як у сьценах цагліны
Вялікага замка, што княствам завеш.
 
Пра славу ня марыш, бо слава – атрута,
Якая, душу разьядаючы ўсім,
Прыносіць аднойчы пажары і смутак,
А потым зьнікае, як з вогнішча дым.
 
І ты каля вогнішча крок прыпыняеш,
На попел, нібы на былое, глядзіш.
І сёньня ты лепшых краёў не шукаеш,
І Лоск не заменіць ніякі Парыж.
 
Шуміць ля дарогі старая рабіна
І сыплецца лісьце пад колы карэт,
Як сэрцы людскія пад ногі Айчыны,
Каб ведаў Айчыну тваю белы сьвет.
 
29.IV.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.