РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Парада маладым чытачам
Вам, маладым будаўнікам і творцам,
Каб меншыя цярпець няўдачы-страты,
У наш вучоны век я раю моцна:
Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
 
Так, так, старыя казачкі чытайце!
Не думайце, што вы, маўляў, даўно ўжо
З іх вырасьлі, як з вопраткі дзіцячай,
Асвоіўшыся з кніжнасьцю найноўшай.
 
Зь іх кожнай фабулы, зусім нядоўгай,
Вы зразумееце шмат мудрых ісьцін:
Чаму лісе не трэба верыць дохлай,
Як гэта дзед адзін зрабіў калісьці;
 
Чаму палонікам, з размаху, дзятла
Не трэба біць на галаве ў дзіцяці;
Чаму сабаку "воўчыцца" не варта
Перад старым канём на сенажаці;
 
Чаму ваўку не трэба камізэлька
З двума радамі гузікаў на бруху;
Чаму царэвіч там, дзе ўпала стрэлка,
Узяў за жонку брыдкую рапуху;
 
Чаму не трэба быць такім бязглуздым
I легкаверным, як мядзьведзь у яме,
Што зачарэпіў сам свае гізунды
I выцягнуў іх лапай з пазурамі...
 
Навукі мудрай – край там непачаты!
Таму й кажу вам: у жыцьця на старце –
Чытайце казкі, хлопцы і дзяўчаты!
Старыя казачкі часьцей чытайце!
 
1977—1978
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.