РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Тадэуша Лады-Заблоцкага
27.08.1811 – жнівень 1847
...Ня любяць вольнадумлівых цары.
І каб ты мог памерці без пары
Ты ў Грузіі паслужыш радавым.
 
Над горамі туман, аблокі, дым
Плывуць самотна, як і дні плывуць
Праз абгарэлыя кусты, траву
Пад сонцам, як пад царскаю каронай.
І сьніцца Беларусь табе зялёнай,
Дзе ля дарог імшэюць валуны,
Дзе нашы горы – нашы курганы,
Дзе косьці беларускія ляжаць,
Нібы карэньне – век не скарчаваць –
У нашай пераплецены зямлі.
І каб ня зьніклі мы, а тут жылі
Ня толькі трэба родны край любіць,
Калі ўладарыць вораг, трэба біць
Чужынца, бо ён сам табе ніколі
Ня дасьць жыцьця прыгожага і волі...
 
І пішаш вершы ты аб Беларусі,
Дзе пчолы вялізарныя, як гусі
І як арлы, што на далонях гор
Гнязьдзяцца, ахінаючы прастор
Магутным крыльлем, што ня знаюць стомы.
Арлы маглі, каб папрасіў, дадому
Цябе занесьці. Толькі не папросіш.
Зь нябёсаў зоркі капаюць, як росы
З высокіх траў, якія дома косіш,
Нібы хлапчук распрануты і босы,
Бо горача табе... І ты згараеш,
І без пары да Бога адлятаеш...
 
16.VI.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.