РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Цэлястына Цэханоўскага
1835 – 10.01.1906
Улада чужая сама не пакіне
Твой край, у якім ёй, як дома, жывецца.
І край твой ніколі ня стане краінай,
Калі тут за волю крыві не пральецца.
І будзе паўстаньне, рыхтуеш якое
І ты з Каліноўскім, што сьніць перамогу,
Бо ваша змаганьне за волю – сьвятое,
І вы не адны, а вас многа і многа,
Як зорак у небе, валошак у жыце,
Але і чужынцаў, як вошай, хапае,
Таму не сьпіцё вы ў лясох і ня сьпіце,
Бо ўлада чужая ня сьпіць, а страляе,
Хапае людзей, і цябе – не мінае.
Заместа расстрэлу няволя, чужына,
Якая цябе забярэ назаўсёды
Ад любай матулі, каханай дзяўчыны,
Ад беднай, але ўсё ж ад роднай басоты,
Якая чужынцам ня здасца дарэшты,
А будзе выходзіць у людзі, змагацца,
І хоць у Сібіры далёкай памрэш ты,
Але зь Беларусьсю табе не расстацца,
Як зь верай у лепшае ты не расстаўся,
Калі ты за волю з чужынцам змагаўся
І быў галавой вольналюбнай Гародні,
Якая цябе, прыйдзе час, ды й успомніць...
 
А покуль завея сьляды замятае,
А покуль трава на сьлядах вырастае...
 
6.VI.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.