РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Якава Наркевіча-Ёдкі
8.01.1848 – 19.02.1905
На рэштках маёнтка кусты і асіны.
Але не схавалі яны ад людзей
Шляхетнасьць і веліч, якія ў Айчыны
Былі пры табе і ў табе...
 
                                                      ...І мілей
Нічога няма для цябе, і ня стане,
Чым Нёман, хоць помніш Маскву і Парыж,
Як помняцца матчыны песьні, каханьне
І побач з дарогай запылены крыж,
Зь якога твая пачалася дарога,
Якім і закончыцца ўсё апасьля.
А музыка будзе малітвай да Бога
Ляцець і вяртацца, як крык жураўля,
Які па-над Нёманам вольна крыляе,
Бо тут нарадзіўся ля гэтых дуброў,
Дзе ты без народа сябе не ўяўляеш,
Бо толькі з народам жывая ў нас кроў...
 
Твой родны маёнтак разбураць і спаляць
Тутэйшыя людзі, якіх ты любіў,
Якіх ты лячыў...
 
Чырвоная цэгла ў траве, нібы памяць,
Якую народ наш аднойчы згубіў,
Калі адвярнуўся на міг ад Айчыны,
Каб скінуць свой крыж беларускі з плячэй...
 
На рэштках маёнтка кусты і асіны,
І Нёман, як вечнасьць, спакойна цячэ...
 
21.IV.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.