РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віктар Шніп
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда Макара Краўцова
18.08.1891 – 1939
Эўропу сьнегам замятае
Неэўрапейская зіма.
Тваю душу ў кулак сьціскае
Сырая польская турма,
Па-за якою скрыпка грае,
Як у дзяцінстве, у якім
Дарога ў небе залатая,
Нібыта ў Іерусалім,
У Вільню, да якой ты прыйдзеш
Ня каву піць і не ўздыхаць,
Што беларусаў моцна крыўдзяць,
Змагацца будзеш заклікаць...
 
І ўжо Эўропу прадзімаюць
Неэўрапейскія вятры.
Бальшавікі ў турме трымаюць
Цябе, лютуюць, як зьвяры.
Табе ж пра волю скрыпка грае,
Сьпявае, плача, жыць заве
І за табою паўтарае
Ажыўлены крывёю верш:
«Мы выйдзем шчыльнымі радамі
На вольны родны наш прастор.
Хай воля вечна будзе з намі,
А гвалту мы дамо адпор!..»
 
І ў вёску вестка засьпяшае,
Што жыў ты годна і ў журбе
І хай ніхто больш не чакае
Цябе...
 
14-16.VI.2010.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.