 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
#1 На фоне Эўропы здымаецца пані Людміла. Касьцёлы працягваюць небу цагляныя пальцы. Цячэ брукаванка, як рэчка, – і пані бясьсіла Зусім патанула ў марэньнях на прывідным пляцы. Ёй Белая Дама паказвае міну мінаньня, А дзіўны мастак падысьці не рашаецца нават. І ў небе Эўропы разьвеяны прывід каханьня, І ў цёмнай кавярні другім наліваецца кава. На фоне Эўропы так добра чагосьці пазбыцца, Напрыклад, віны за бязьвінную прагу спакою. Цячэ брукаванка пад колы маёй калясьніцы, І я адплываю на хвалях зямных лістабою.
#2 Вавель, Вавель... Рэха Вавілона. Камні вавілонскія ў траве. Металёвы цмок глядзіць з адхону, Неба па-над вежамі плыве. Сутарэньні – цені павуціньня. Сьцены – увасобленыя сны. І кароль з патрэсканай карціны Пазірае, быццам сон сьцяны. Я між гэтых сьценаў прарастаю Дзікім глогам – каб вярнуцца зноў У касьцёл, які ў сабе хавае Каралёў, паэтаў, ваяроў. Я жыву між ценяў – і карцінаў, І дамоў вяртацца – сэнс малы. Заплятае сьцены павуціньне, Быццам Боны Сфорцы позірк злы.
#3 Паэт і кароль у касьцёле адным пахаваны. Іх веліч зямная зраўнялася чарай нябёснай. І срэбныя сэрцы ў капліцы Нябёснае Панны – Ахвяры за вершы або за жаўнерскія лёсы. Жыве ў сутарэньнях сугуччаў халоднае рэха. А зброя зьвінела дарэмна, бо гукі расталі. Па горадзе сёньня блукаюць паэты, і сьнегам Замецены сьцежкі гэрояў забытае славы. Ні вершаў, ні зброі ня выбраў засьнежаны горад У вечным двубоі зь нябытам; ён – рыцар каменьня; І ноч над касьцёлам глыбокая, нібы пячора, І сьпяць у касьцёле радзімы далёкія цені.
#4 Гатэль «Залатая ружа» мяне ня прыме ніколі. Пакоі яго для іншых люляюць меднае рэха. Марэньне маё вандруе, а я застаюся ў полі, Дзе воўк выпівае Сьвіслач І сьнег, нібы сьмерць, на стрэхах. Гатэль «Залатая ружа» купцам засьцілае ложкі. Сядзіць вандроўны паэта на ганку, нібы на пласе. А я застаюся ў лютым, між Нёмнам, Дняпром і Сожам, І места маё спаўзае ў вясну ільдзяною масай. Але – па далёкіх вулках у панцыры брукаванкі Душа мая ўсё вандруе, плыве ад вежы да вежы. Гатэль «Залатая ружа». Паэт на каменным ганку. Над Вавелем Зорны Возьнік. Лёд існасьці пальцы рэжа.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|