РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Шукальнікі раю

Ісус, напоўнены Духам Сьвятым,
вярнуўся ад Іардана і паведзены быў
Духам у пустыню...

 
Ад сонца зрабіліся мутна-барвовымі вочы,
І ў роце сасьмяглым жарства, і жарства ў валасах.
Дарога праз пустку ніколі, ніколі ня збочыць,
Таму што нікуды ня збочыш у гэтых пясках.
Пад гэтым бязьлітасным, вечна бязвоблачным небам
Калісьці Настаўнік вялікі іспыт свой трымаў,
Сьвятлом і любоўю спазнаўшы нябеснага хлеба,
І боскасьць ягоную пустка прызнала сама,
Бо там, дзе ступаў Ён, крыніцы жывыя трапечуць,
На мейсцы, бясплодным калісьці, квітнее мігдал,
Там сэрца ўсяго, што шукае наш род чалавечы,
Куточак Эдэма, або таямнічы Грааль.
Пра гэта сказалі нам раны старых палімпсестаў,
Паданьні вандроўных плямёнаў і прага душы.
Настаўнік пайшоў – і схавалі сьвятарнае мейсца
Зайздросныя дэманы ў самай пагубнай глушы.
Але ў масянжовых бутэльках пакуль што пляскоча
Апошні глыток – і яшчэ не адмераны шлях,
І неба глядзіць нам амаль што спагадліва ў вочы,
І пальмы далёкія лена шумяць у прасьцяг.
Настаўнік!
Сьляды твае ў гэтым распаленым пекле
Мы знойдзем – і там непрытомна ўпадзём на траву
І неба спасьцігнем ці раны загоім на целе
Ці проста малітву прашэпчам у славу Тваю.
 
1990
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.