Сьпяшайся, любы! Зарыва ў акне – Сьцякаюць зоры! – плавяцца нябёсы. І праступаюць плямы на сьцяне, І ў Маці на іконе сьвецяць сьлёзы. Сьпяшайся, любы! Вершнікі плывуць – О цуд! – над вострымі зубамі лесу, І месяц долу хіліць галаву. Я чую нашых слаўных продкаў песьню. Сьпяшайся, любы! На крывавы сон, На рэчаіснасьць, горшую за блёкат, Бо разгайдаўся нашых продкаў звон, І гук яго плыве-ляціць высока. Сьпяшайся, любы! Ля варот – бяда, Бяда – і доўг. І доўг – і сьмерць, магчыма. Сьпяшайся! У цябе, каханы, там – Я і Радзіма будзем за плячыма.
|
|