РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра драўлянага Хрыста

На Беларусі Бог жыве...     
#У. Караткевіч

 
На той зямлі, дзе столькі крыніц,
І ў кожнай – зьнічка на дне,
Дзе ў кожным камні паданьне ёсьць,
Як маці ў дзіцячым сьне,
Дзе кожны ўзгорак – былы курган,
А кожны з прадзедаў – вой,
Жыве стары калгасны пастух
У хатцы сваёй старой.
Таму, напэўна, што ўвесь свой век
Глядзеў ён на Божы край,
З драўніны бурштынавай дзед зрабіў
Не абы-каго – Хрыста.
Звычанай сякеркай, па вечарох
Шчапаў сасновую плоць.
Нязграбны, бедны, шурпаты быў,
Але – сапраўдны Гасподзь.
І майстар вочы намаляваў блакітнымі,
Быццам лён,
І лёг на жытнія валасы
З калючага дроту цёрн.
Падняўся крыж пасярод сяла,
Над хатамі паміж дрэў.
І на зьдзіўлёных сялян да іх падобны
Хрыстос глядзеў.
Прыйшоў з бліжэйшай царквы сьвятар,
Казаў пра кашчунства штось.
Пасьля спыніўся ля Божых ног,
Што цьвік прабіваў наскрозь,
Крануў чырвоную фарбу – і
Перажагнаўся, пайшоў
І трызьніў, што ён – Няверны Фама
І з пальцаў ня сьцерці кроў.
Казалі майстру: «Прымі свой крыж,
Страхоцьце адно глядзець...»
Але – прывыклі... Бо да ўсяго
Прывучыш нашых людзей.
«О, фольк! Аўтэнтык!» – замежны пан
Хрыста фатаграфаваў.
Хацеў за даляры купіць, але
І слухаць майстар ня стаў.
І ліўся айчынны халодны дождж
На сумны драўляны твар,
І з шыльды змыўся надпіс, што тут
Прыбіты юдэйскі цар.
Як воран з могілак – ноч ляціць,
А бусел нясе зару.
І пазірае Хрыстос з крыжа
На бедную Беларусь,
Такі ж гаротны, як і яна,
І плоць ад плоці яе,
У вёсцы паміж крыніц і азёр,
Паміж курганоў і дрэў.
Драўляны, каструбаваты – ён
Наш Бог, наш край і наш лёс.
А значыць – будзе жыць Беларусь,
Таму што ў прызначаную пару
Сыдзе з крыжа Хрыстос.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.