РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пальмавая нядзеля
Пальмавае вецьце клалася пад ногі.
Цёплы мёд паветра ап’яняў надзеяй.
І крычала славу для цара – ня Бога,
І цара зямнога прагнула Юдэя.
Хто ты, з горкім ротам, што прыпаў да глебы?
Як сухое лісьце – гук твае малітвы.
Што ж не пасьпяшаў ты да пасланца неба
З пальмавай галінкай, зь песьняю шчасьлівай?
Хутка нашы сховы перапоўніць зерне,
Пойдуць караваны ў наш магутны горад,
І чужынцы стануць ціхія, як цені,
А палацы – быццам залатыя горы.
Ці ты апантаны? Ці, магчыма, трызьніш?
Слоў такіх разумны не прысьніць ніколі:
«Вы яго заб’еце, пройдзе толькі тыдзень,
Цень крыжа пагасіць фарбы нашай волі.
Шэлега ня варты дым любві народнай.
Хвалі захапленьня й трэскі не ўтрымаюць.
Сёньня – мёд і віны, а праз тыдзень – воцат,
На пяску хвілінаў піша наша памяць».
Словы адгучалі, бы сьцягнула рану.
Не было ў тым ранку мейсца для трывогі.
І народ сьпяшаўся да галоўнай брамы,
Пальмавае лісьце падала пад ногі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.