РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Грэшнік
Гасподзь са мною не гаворыць больш,
І ў кельлі пуста, як у воку старца.
І ў такт малітве барабаніць дождж,
Ды словам ручаінай не зьлівацца.
Якая ціша, як замоўкне Бог!
Зямное цела
                            уціскае ў глебу
Яе нязносны цяжар... І дарог
Цяпер няма – аглухламу – да неба...
Я голас Божы, грэшнік, успрымаў,
Нібы ліюцца вогненныя кроплі.
Здавалася – пакутую дарма,
Няздольны да прароцтваў у натоўпе.
Ну што карысьці – між каменных сьцен
Сьціскацца пад нябачнаю маланкай,
Калі жыцьцё па залатой вадзе
Кіруе човен да чужых прыстанкаў.
Не затрымаць, не растлумачыць жах
Той прорвы, што наперадзе чакае...
І Бог пачуў... І цішыня ў вушах,
Жаданая, вар’яцкая, цяжкая...
Гасподзь маўчыць... Я словы гавару,
Зь якіх малітва скласьціся павінна.
...І брат мой цягне рукі угару
І шэпча: «Чую, Божа мой адзіны...»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.