 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
#1 Цудоўны Іосіф
350 Калі Іосіф прыйшоў да братоў сваіх, яны зьнялі зь Іосіфа адзежу яго, адзежу рознакаляровую, якая была на ім; і ўзялі яго, і кінулі яго ў роў... #Быцьцё, 37:23–24
І прадалі цябе твае браты, Каб каляровай не насіў адзежы, Абрыдзеў – бо інакшы... Зараз ты Няпэўнай хвілі і купцам належыш. Над хвалямі бясконцымі пяскоў Цыклопам вісьне сонца Палесьціны. Браты нясуць у клунку да бацькоў Тваю адзежу і кіпцюр ільвіны. Ну хоць цяпер навучысься ілгаць, Анёльскі хлопчык? У людзях – прыдасца, Там, дзе стаіць эгіпецкі палац І пальмы ў Ніл замутнены глядзяцца. Маленькі дабрадзей чужой зямлі, Снабачаньнік, аматар лашчыць словы... Цябе браты ўсё роўна прадалі б. А не насі адзежы каляровай.
#2 Нараджэньне Майсея
350 ...і вось, дзіця плача ў кошыку; і зьлітавалася над ім дачка фараонава... #Сыход, 2:2
Нібыта папірусны зьвітак, разгорнуты дзень. Дачка фараона сядзіць перад бронзавым люстрам. А кошык з маленькім Майсеем плыве па вадзе, Нікім не заўважаны. Сёньня на беразе пуста. Ніхто не абудзіць скароны, згалелы народ. Калыска лазовая зробіцца ў хвалях труною. Прынцэса глядзіцца ў люстэрка, прыкладвае лёд Да шчокаў смуглявых, каб зьзяць прыгажосьцю зямною. А маці на крык немаўляці ня сьмее ісьці. І кошык сплывае туды, дзе мядовыя рэкі. І што нам чакаць у эгіпецкім нашым жыцьці, Калі нараджаюцца нашы прарокі так рэдка. І мы не ўратуем нікога з прарокаў сваіх. Пад нашымі стрэхамі ім не знаходзіць прытулку. І крык немаўляці ў вільготным тумане заціх, І маці трымае на вуснах скрываўленых руку.
#3 Сыход з Эгіпта
350 Калі народ пабачыў, што Майсей доўга не сыходзіць з гары, то зьвярнуўся да Аарона і сказаў яму: устань і зрабі нам бога... #Сыход, 32:1
То манна нябесная, то перапёлкі, То льецца вада са звычайнай скалы... Ды толькі былыя рабы – не анёлкі. Абрыдлі ім скалы, пясок ды арлы. Ану, паспрабуй адысьціся на хвілю, Прыўзьняцца да неба, да Бога Айца... Унізе зь металу каштоўнага вылье Твой брат улюбёны куміра-цяльца. Куды ты вядзеш іх, зьвяглівых, дрыготкіх, Няўжо спадзяешся, што ў новай зямлі Забудуць на зайздрасьць, нянавісьць і плёткі І ўспомняць прарока, якога клялі? І мала ім цудаў, іх вера ня ўздыме, І хочацца зноў пад чужую руку... І Бог паміж іх – не заўважаны імі. Скрыжалі разьбітыя ў хвалях пяску.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|