РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
У царкве
Непагадзь. Слата і мокры сьнег.
Установы зачыняе горад.
І плыве марудна, нібы ў сьне,
Неба карабель, цяжкі і мокры.
Пастаю за сьвечкамі ў чарзе.
На штуршкі штурхаць не пажадаю.
Хочуць у царкву зьмясьціцца ўсе,
Бы ў каўчэг, што зараз адплывае.
Подыхі людскія, сьвечак дым,
Ладану пранізьлівая нота.
Хто мы – тут і на каго глядзім
У тумане незямной самоты?
Так было, напэўна, шмат разоў –
У прадоньні буры – зграйка птушак
І надзея, што чыясьці кроў
Выкупіць душу тваю ад сьцюжы.
Не дастукацца сюды дажджу.
Паміраць – ці ратавацца ў кучы?
Сьвечцы проста ў вока я гляджу,
А яно міргае так сьляпуча.
Можа быць, спагада і спакой
На мяне, самотную, пральецца?
Кожны застаецца сам сабой,
Як чарга чаргою застаецца.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.