РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калядныя вершы
1

 
Зьзяла зорка над начною пусткай,
Быццам першы залацісты цьвік.
Аблачыны падалі, як руты,
Прыглушалі немаўляці крык.
«Аве! Аве!» – птушкі прасьпявалі.
«Аве!» – адгукнулася зямля.
Паўтарала ўсё жывое: «Аве!»
І заснула ў хлеве немаўля.
Ну а людзі выбягалі з хатаў,
На балконы выбягалі віл.
Зорку вязьні бачылі з-за кратаў,
Бачылі нябожчыкі з магіл.
«Быць вайне!» – няшчасныя шапталі.
«Цар памрэ!» – багатыя раўлі.
А аблокі мякка ападалі
І стваралі ружы на зямлі.
І сьвятло, запаленае ўночы,
Бачылі нямногія яшчэ.
...І заснуў у хлеве ціха хлопчык
Пад сузор’ем матчыных вачэй.
 

2

 
Сёньня ўночы народзіцца Бог,
Сёньня днём не зьмяніліся людзі.
І валхвы не пратопчуць дарог
Да Марыі па сьнезе і брудзе.
Я люблю гэты час і мароз,
Вастразорае неба і шэпат
Аблачын. І няпэўны свой лёс,
І далоні, узьнятыя ў неба.
Сёньня ўночы народзіцца сьвет.
П’е гарбату наш госьць выпадковы.
Хутка пойдзе – і выстыне сьлед,
І разьвеюцца сумныя словы...
Словы, словы... Частункі душы...
Б’е гадзіньнік. Да поўначы блізка.
 
Толькі ў полымі сьвечкі дрыжыць,
Як пялёстак, блакітная рыска.
Хутка, хутка народзіцца Бог.
Прыйдзе любасьць хаця б на хвіліну.
Хто хацеў дараваць і ня змог –
Сэрца ў сьвеце мінулым пакінуў.
Хто ня ўспомніў пра Бога – сьляпы.
Мітусьня, хлеб штодзённы – ня вечнасьць.
Сёньня горад – ад зор залаты,
Батлеем – у каляднай цямнечы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.