Ой, ня раз удваёчку Пад шырокай вярбой, У зялёным садочку, Мы сядзелі з табой. Друг на дружку глядзелі Па днях цэлых, даўгіх, Салаўі песьні пелі, А мы слухалі іх. Вецер шумны у поле Песьні гэтыя нёс, Нёс у поле, дзе воля, Дзе няма гора, сьлёз. I з табой мы кляліся Дружку друг век любіць, Хоць бы людзі ўзяліся Нашу любасьць згубіць. Ой, так думкі снавалі Залацістыя мы, Покуль нам не сагналі Беды гэтыя сны. Цябе выгнала з хаты Ведзьма-мачыха вон; Мяне ўзялі ў салдаты, У чужацкі палон. Так навек адляцела Любата ў неспадзеў, – Ты мяне больш ня стрэла, Я цябе больш ня стрэў.
1905
|
|