РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Думы маркотныя...
Думы маркотныя,
      Думы гаротныя,
Труціце быт мой сірочы,
      Сьмех стогнам крыецца,
      І ў сэрцы ныецца,
I плачуць жаласна вочы.
 
      Сны неспакойныя,
      Нядолі поўныя,
Спаць не даюць мне начамі.
      Зданьні спужаныя,
      Зданьні загнаныя
Цэлымі бачу палкамі.
 
      Там працавітыя,
      Хлебам ня сытыя,
Снуюцца людскія цені,
      На кій усьпёртыя,
      Босы, абдзёртыя,
Трасуцца рукі, калені.
 
      Адно зь іх жаліцца,
      Адно зь іх хваліцца,
А тое дзіка сьмяецца,
      I неадзетыя
      Нелюдзі гэтыя
Стаяць жывымі, здаецца.
 
      А далей гляну я
      Там закаваныя
Такія ж сходзяцца мары, –
      Звоняць кайданамі,
      Сталяй каванымі.
Раны на целе, на твары.
 
      Ланцуг ім колецца,
      Галосяць, моляцца,
Вырваць іх з путаў, зь няволі.
      І так здаваецца –
      Стогн падымаецца,
Як бы ня змоўкне ніколі.
 
      I глянуць смутненька,
      I жыці трудненька,
Здаецца б, згінуў з душою,
      Бачу бяздольнае,
      Бачу бязвольнае
Над сваёй беднай зямлёю.
 
      У сэрцы ныецца,
      Сьмех стогнам крыецца,
I плачуць жаласна вочы...
      Думы маркотныя,
      Думы гаротныя,
Труціце быт мой сірочы.
 
1905
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2021. Беларусь, Менск.