РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Забытыя паэты
1

 
Калі скончыцца Час – і ня будзе сьцяжыны маёй, –
Адпачнуць мае рукі ад вечнага прадзіва сказаў.
Пачакай, мой анёле, нябёсны няўрымсьлівы вой.
Я сувой не даткала, я сэнс не спасьцігла ні разу
Той няўлоўнай гульні, за якой мы прабавілі час,
За якую плацілі такою высокай цаною.
Ды анёлы ня чуюць, а можа, ня слухаюць нас,
Бо ня сталі малітваю словы, а сталі маною.
Калі скончыцца Час – і на ўсё атрымаю адказ, –
Ці пачнецца пакой? Ці пясок Вавілона ўзьвіхрыцца
І засыпле дарогу дадому і дом наш... А ў нас
Будзе сэрца ўсё гэтак жа словамі зьніклымі біцца.
 

2

 
На магіле маёй трава –
Самы вечны помнік на сьвеце.
Сталі друзам дом і царква,
На пагосьце гуляюць дзеці.
Сталі кнігі пылам... А сад
Карчавалі ўсёй талакою.
Пралятаў анёл між прысад –
Захінаўся сьветлай рукою.
Ну а скрыпачку прадалі,
Майстраваную зь векам разам.
Ціха гукі яе сплылі,
Быццам кроў забытага часу.
Расьцягнулі па хатулях
Абразы і старую зброю.
І забылі на вугалях
Зьнічку, зьнятую зь неба мною.
Сьвет расколаты напалам.
Я ў расколіне, я ў міжчасьсі.
І травінка, нібы страла,
У зямлю сухую ўпілася.
 

3

 
Правінцыя... Непазьбежная, быццам сьмерць.
У салоне сьвецкім гараць залатыя сьвечкі.
Тут усю Беларусь прадстаўляе адзін паэт,
Незаўважны, самотны, нібыта зімовы вечар.
Ну а што гаварыць?
                                            Тут нават крычаць – дарма...
Менуэт, мазурка...
                                        А потым – гуляць у фанты.
І заўсёды ў пары зь іншым танчыць Яна,
Гнуткая, быццам вярба
                                                    ля бацькоўскай хаты.
Цені сьлізгаюць па сьценах, нібы гады,
Што правялі ў спадзеве на незалежнасьць.
Воск, што калісьці ў сотах быў залаты,
Стыне лужынкай,
                                        брудны, нібыта грэшны.
Хутка, як сьвечка, гэты сьвет аплыве.
Нібы васковыя, зьнікнуць сьцены палаца.
Першым, вядома, на плаху пойдзе паэт.
Паэтаў, нават маўклівых, усе баяцца.
Касіянерскім лязом саржавеў той век.
Пані ў жалобе ў гародчыку песьціць кветкі.
Правінцыя... Сьлед ад калёс на сухой траве...
Паэт нарадзіўся.
Але ён яшчэ маленькі.
 

4

 
Паміж кніжных старонак шукайце мяне,
Проста высахлай кветкай – ня прадзівам фраз.
Б’е гадзіньнік на белай высокай сьцяне,
Ля якой расстралялі, закрэсьлілі нас.
Кнігай меней у доме – і пылу паменш.
Ад чырвоных сузор’яў адчысьцяць сьцяну.
Пад абцасам памрэ недастрэлены верш.
Між старонак сарванаю кветкай засну.
 

5

 
Падаць, падымацца, падаць, падаць...
Лёс ніколі ня спраміць шляхі.
Зноў паэт, п’яны, слабы, хрыпаты,
Піша верш, бы сплочвае грахі.
Крывіцца сусьвет у белых шыбах,
Быццам чуе дотыкі радкоў.
А вясна халодная, як рыба.
І, як сьмерць, халодная любоў.
Бы апошні таўр нямой Таўрыды,
Аскалёпкі волі падбіраў.
Выбеглі на сьцежкі маргарыткі,
Каралевы прыдарожных траў.
А паэт у хаце непрыбранай
Піша – і ня ведае каму.
Пакараны ён або абраны –
Сам ня ўцяміць...
                                      Дый нашто яму?
 

6

 
Ты марыш пра шчасьце, якога здабыць не ўдалося.
Упалі гады на зямлю, як пустыя калосьсі.
І што засталося – паперы ня вартыя вершы,
І вечная прага быць першым, і вера: «Я першы».
Навошта? Вясна пераробіць усе ручаіны,
Скране ўсе сьцяжынкі і стане дзіцёнкам наіўным
З пытаньнем: «Навошта?»
А ты застанесься зь ільдамі,
З каменнымі сьценамі, што збудаваны ня намі.
І мовай травы загавораць паэты і дзеці,
І будзе вясна... І партрэта ня будзе ў газэце.
І іншыя промням падставяць далоні і твары.
І ў новай краіне растануць халодныя мары.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.