 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
...Патрапіць у парыжскую газэту, пад вустрыцу зь лімонам прачытаць... І просіцца да рыфмы цыгарэта, вядома, з залачоным абадком і прысмакам мэнтолу... Цьху... Ніколі табак і мяту ў водар не зьяднаць. Тым больш бяз рыфмы прамаўляць жадаю. І не куру. Парыжская газэта, абавязкова белы капялюш, кавярні крэсла белае таксама, і сіні-сіні на стале абрус падкрэсьлівае тонкасьць філіжанкі. А як жа кава? Кавы я ня п’ю, але карціна вымагае кавы. Хай гэта будзе вадкі шакалад, гарачы і густы... Але самота – самота – у Парыжы? Божа мой, ці варта турбаваць тады ўяўленьне? Насупраць – за сталом – вядома, Ён. Чытае моўчкі... Курчыцца газэта ў руках, што звыклі шанец свой лавіць за дужае крыло ці за капыта – якое ўжо аблічча прыме Ён. Дыміцца кава. Шаргаціць газэта. «Віншую. Ты ў зэніце». І пайшоў, як вустрыца, халодны і закрыты. І плашч ягоны колеру пяску мне нагадаў бязьлітасную пустку. Ну што, дамроілася? На стале мігціць у крышталёвым кубку сьвечка, нібы на беларускія Дзяды. Нябожчык ёсьць – гармонія памерла. Скамечаны газэтны шар ляжыць у сумачцы са скуры ведзьмака, які мне нагадаў маю дарогу. Нікому анічога не кажы, я не вярнулася з парыжскае кавярні. Калі ня верыш – пачытай газэты.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|