РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Майрынк
1

 
Васковы пісьменьнік блукае па вуліцах Прагі.
Драўляныя вусны дзьвярэй падціскаюць дамы.
І зьнічкі, як жоўтыя п’яўкі, спаўзаюць на дахі
З кардоннага неба, сырога ад доўгай зімы.
Пад дахамі дрэмлюць жаўнеры і жонкі жаўнераў,
Жаўнерыкі-дзеці гуляюць і ў снах у вайну.
Іх шчасьце маленькае шчыльна ахоўваюць дзьверы,
І капае воск на праданую ўчора труну.
Маўчаць сутарэньні, набітыя косткамі мніхаў.
У скрынцы грашовай ля храма накіданы друз.
Васковыя рукі да неба ўздымаюцца ціха,
А ў небе кардонным прарваўся і сьвеціцца круг.
Як ціха...
                    Уночы ніхто не надумаў маліцца,
Сьпяваць пра каханьне, шаптаць вершаваныя сны...
Сьпяць месьцічы крэпка ў мундзірах сваіх камяніцаў,
Васковыя кроплі на бруку ня ўбачаць яны.
 

2

 
Зялёная карэта – фурман хавае твар,
Між ліхтароў па бруку грукочуць глуха колы.
Апалавыя вочы нябожчыка цара
Глядзяць з вакна карэты, як носяць сны анёлы.
А вось з гатычнай вежы празрыстая жанчына,
Падобная да сьвечкі, плыве...
На вуснах – воцат...
І прыцемным завулкам
Галем ідзе на рынак,
Для раві Бецалеля купіць тры фунты сонца.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.