РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Танатас
Танатас двойчы Лету перайшоў.
Бог сьмерці – ён аднойчы сьмерці здрадзіў
І разарваў хітона чорны шоўк
І кроў з далоняў змыў у вадаспадзе.
Чаму ён – тут, дзе цемра і пясок
І ў брудным Стыксе гарлапаняць жабы,
Дзе высыхае вінаградны сок
І трацяць цені прыгажунь завабы?
І вось пад цяжкаю нагой – трава,
Аліваў шапаценьне, сьмех дзіцячы...
І... сонца! Як асьлеплая сава,
Танатас толькі яркі промень бачыў.
Каб ён ня богам быў – відаць, асьлеп.
Але туман ружовы разамгліўся,
І бог убачыў: неба – сіні склеп
І вусені з аліў аб’елі лісьце.
А людзі аднаго адзін клянуць,
А людзі прадаюць людзей, як рэчы,
І песьні непрыстойныя пяюць,
І перад кожным, хто мацьнейшы, кленчаць.
Іх думкі, не кранутыя журбой,
Кароткія і злыя... Іх каханьне –
Адна пажаднасьць... З прагнасьцю сьляпой
Яны жыцьцё марнуюць і паганяць.
І застагнаў Танатас, і закрыў
Рукою бледнай стомленыя вочы.
Не разабраць, дзе людзі, дзе зьвяры.
І толькі сьмерць ачысьціць іх, як хоча.
І прэч пайшоў маркотны цёмны бог,
У свой сусьвет бясплённых шкадаваньняў.
І сыпаліся з-пад ягоных ног
Сухія кветкі на сухія камні.
...Танатас двойчы Лету перайшоў.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.