РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Яхідна

Прыгажуню Яхідну багі-алімпійцы пакаралі
за яе недаступнасьць і непавагу да іх,
ператварыўшы ў пачвару –
напалову зьмяю, напалову жанчыну...

 
У бездані былая прыгажосьць
Так хутка, хутка робіцца пачварнай...
Чаго маўчыш, мой нечаканы госьць?
Не пра такую ты багіню марыў?
Тут цёмны сьвет пячоры і вада,
Што капае з прамежкам неадменным...
І хвост зьмяіны – алімпійцаў дар –
Хавае прыгажуня між каменьняў.
За незалежнасьць помсьцяць нам багі
Калецтвам і бяздоньнем, людзі – плёткай...
І Стыкса спалучае берагі
Ня шлях ладзьдзі – паклон раба таропкі.
Ды як скарацца цемры можа той,
Хто ведае: яна – і на Алімпе,
І ў водбліску кароны залатой,
І ў купленым у ювеліра німбе.
І што багоў бяздушных жорсткі суд
Таму, хто паміраць і жыць ня можа,
Бо ісьціна – адна, яна – ня тут,
Яна яшчэ калісьці пераможа.
Бліжэй да Зьмеядзевы, чалавек.
Вачэй маіх ня зьменшыліся чары.
І выпі горкі яд падземных рэк
З ружовых вуснаў пакаранай мары.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.