РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра недаступную прыгажосьць
Каралеўна старэе ў высокім палацы на высьпе.
А была яна зоркай паўночнай, лілеяй далін.
Сьлед апошняе зьнічкі на даху залочаным высах,
І ўюнок не ўспаўзае на сьцены з бліскучых цаглін.
Каралеўна старэе... Ніхто пад акном не сьпявае
Дзёрзкіх песень, спароджаных страсьцю душы маладой.
На турнір не сьпяшаецца рыцар з далёкага краю,
І прыспушчаны сьцяг не вянчае сьмяротны двабой.
Каралеўна ў адчаі люстэркі свае разьбівае,
Б’е маўклівых прыслужніц за юную іх прыгажосьць.
Той, хто зьведаў над сэрцамі ўладу – другой не жадае.
Дзе ж пакінула скарбы каханьня яе маладосьць?
І, надзеўшы расшытыя вогненным золатам строі,
Дыяменты і перлы – хоць колісь блістала бязь іх –
Валадарка ў свае сутарэньні адправіла вояў,
Каб адтуль прывялі вязьняў цемры, дагэтуль жывых.
У часы цараваньня юнацтва ня раз каралеўна
Выпрабоўвала дзёрзкіх паклоньнікаў сьмерцю, турмой.
І хапала шаленцаў, якіх не палохалі сьцены,
Невідочныя сьцены між тронам і жарсьцю зямной.
Хай прыйдуць – і пабачаць сваё нечаканае шчасьце.
Хай сагрэюць каханьнем самотны багаты палац...
Прывялі аднаго.
Ён калісьці ўсе грошы растраціў,
Каб спагаду прыслужніц сваёй каралеўны купляць.
Як ірваўся юнак да амаль недаступнае мэты!
Ён, нязваны, прыйшоў і да ног гаспадыні прыпаў...
Нават схоплены – ёй усьміхаўся аддана і сьветла
І падчас катаваньня адно пра каханьне казаў...
А цяпер ён глядзіць так сурова, дакорліва гэтак...
– Вольным будзь! Мне служы, пра каханьне сваё раскажы...
Адмаўляецца ён:
– Я пракляты цяпер перад сьветам.
Больш за маці дзяўчыну любіў, што ня мела душы.
Задрыжэлі жамчужыны на каралеўскай сукенцы,
Быццам зоры на срэбнай, міглівай паверхні вады.
Новы рыцар зайшоў...
Быў ён воем чужым, іншаверцам,
Ён адверг сваю волю, бо сьвет без каханьня – пусты.
Як ахвотна калісьці сыходзіў у ноч сутарэньняў,
Толькі б ведаць, што побач – заваба яго і туга...
– Недарма ты пакутваў... Будзь вольны.
Будзь служка мой верны!
– Я пракляты... Я больш за Радзіму жанчыну кахаў...
Пацямнелі ад гневу цудоўныя ўладныя вочы.
Палавінкі карункавай хусткі ляглі на дыван...
Вось і трэйці палоньнік да Мары мінулага крочыць.
Самы дзёрзкі з усіх, на забойства пайшоў, на падман.
Ён – адзіны, хто змог у абдоймах каханую сьціснуць,
Пацалунак сарваць зь яе вуснаў – цаной у жыцьцё...
І цяпер пасьміхаецца, як і раней, непахісны...
– Помніш тое імгненьне і страсьці сьмяротны касьцёр?
– Я пракляты таму, што каханьне над годнасьцю ўзвысіў.
Што цяпер шкадаваць?
Усё роўна была – вышыня.
Мы старэем, каханая...
Нельга вярнуцца ў «калісьці».
Ты дарэмна прыдумала мару сабой падмяняць.
Недаступнасьць была для красы непаўторнай аправай.
А любая жанчына каштуе жанчыны, павер.
Заставайся легэндаю, песьняй, цнатліваю казкай.
Мы старэем, каханая...
Трэба зьмірыцца зь «цяпер»...
...У высокім палацы на высьпе самотна заўсёды.
І гавораць, што хутка там будзе жаночы кляштар.
З чарапічнага даху змываюць дажджы пазалоту,
І лясы абступаюць шумлівай сьцяною абшар.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.