РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рыцарскі турнір
Раптоўны вецер і раптоўны дождж
На сьвята зла і гордасьці зьляцелі.
Страшны Пярун ударыў – і ніхто
Ня змог парушыць скамяненьне цела.
Але – прайшло, і сполахі прайшлі.
І зноў гарэлі грэшнай прагай вочы.
А самы моцны рыцар да зямлі
Прыпаў і крыкнуў: «Бог крыві ня хоча!»
Ды бойку аніхто не прыпыняў,
Ня кінула пальчатку каралева.
І дождж зьвінеў аб зброю, кроў змываў,
І ўсмоктвалі напой трава і дрэвы.
А рыцар меч, нібыта шчыт, узьняў:
«Па волі Божай ворагам дарую!»
Якая ганьба! І на мне яна.
Яму ж дарыла стужку залатую.
Маё імя хацеў ён праслаўляць,
І біцца, і перамагчы – ці ўмерці.
Хіба псальмы паслала я сьпяваць
Паклоньніка, раптоўнага, як вецер?
Ну, забівай жа! Звар’яцеў, ці што?
А ён укленчыў і крычаў пра Бога.
І сьціснулі яго паміж шчытоў,
І тры мячы знайшлі сабе дарогу.
А дождж мацьнеў, і вецер біў у твар.
І хмары быццам пахавалі сонца.
І не відаць было, дзе чый штандар,
Хто пераможаны, хто пераможца.
І разышоўся паступова люд,
Ахвочы да відовішчаў жахлівых.
І шмат каго страчаў нябесны суд,
А шмат каго – шынок і куфаль піва.
Хто мужнасьць меў не забіваць – гэрой
Ці не? Цяпер мне думка назаляе.
І бліскае раз-пораз нада мной
Замест маланкі – стужка залатая.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.