 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Сёмая жонка, альбо Сон стамлёнай гараджанкі
|
Пасьля вянчаньня ад царквы Да замка ехалі па кветках, Пазалачаных і жывых, Што кідалі сялянаў дзеткі. Перад варотамі – кілім Каля карэты расьсьцялілі, Мой князь сышоў – і перад ім Усе галовы нахілілі. «Хадзем, вянчаная мая! Прымі ўладаньне над маёнткам!» І блазан, пруткі, як зьмяя, Вакол мяне скакаў з бразготкай. І слугі цалавалі мне Хто сьлед, хто шлейф, хто чаравікі. Ніхто ж у вочы – не зірне, І кожны – быццам безьязыкі. А князь сьціскаў маю руку – Пярсьцёнкі аж кусалі пальцы. Ён паказаў мне кожны кут У залатым сваім палацы, Парсуны продкаў – каралёў, Гасьцёўні для паноў вяльможных І ў вежу кутнюю прывёў, Каб паказаць пакой апошні. Раскошна ўбраны быў пакой, Шмат абразоў – і краты ў вокнах. «Тут пройдзе век жаночы твой. Сюды прынось кляцьбу ці стогны. На людзі – ўсьмешлівай выходзь. З майго дазволу, зразумела. Наш старажытны слаўны род Пільнуе гонар свой умела!» Я ўкленчыла, нібыта ў сьне. Між абразамі і сьцяною – Шэсьць кос дзявочых... Як мае, Ды перавіты сівізною. За што адрэзаны яны? За здраду? За нялюбасьць проста? І сьмерць глядзела са сьцяны Марыяй-дзевай безвалосай. І я... прачнулася ў сьлязах. Над горадам быў вечар шэры, А з кухні плыў сьмярдзючы пах Ад прыгарэлае вячэры. Мой муж крычаў у зале: «Го-о-ол!» І вылі на дварэ сабакі. А на балконе мой анёл Сядзеў і безнадзейна плакаў.
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|