РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Воўк
370
Паводле прымхі старажытных лацінян,
той, каго пры сустрэчы воўк убачыць
першым, зьнямее.

 
Воўк, ты ўбачыў мяне ня першым.
Я ня страціла слоў, о не.
Мне здалося, што ты залежаў,
Дзікі зьвер, ад хатняй, мяне.
 
Шкода бачыць, як ты, магутны,
Па траве, як вужака, поўз,
І пагляд твой зрабіўся мутны
Не ад злосьці – адчайных сьлёз.
 
Зьвер, скуголіў ты так, бо ведаў,
Што ў мяне, пяшчотнай такой,
Столькі жорсткасьці воўчай гэткай,
Колькі ўлады ёсьць над табой.
 
Не здыму я зь цябе, ваўчышча,
Зачарованы ланцужок,
Каб вярнуўся ў сваё аблічча,
Каб ізноў да людзей прыйшоў,
 
Каб устаў, малады, прыгожы.
Засьмяяўся, пацалаваў...
На Купальле так лёгка можна
Заблукаць між высокіх траў...
 
Не! Забуду, пераступіўшы
Праз пакуту тваю – на ўсё:
Як сьвяціліся, быццам вішні,
Вочы, поўныя воўчых сьлёз,
 
Як дрыжэў ты, ня змогшы болю,
І завыў на мае сьляды,
І кацілася рэха полем
У далёкія гарады,
 
І каціліся зь неба зьнічкі,
І вянкі па рацэ плылі...
...Ты ў ваўчыным жывеш абліччы,
Мой адзіны на ўсёй зямлі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.