РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Кола
Корд вастрыём цалуе сэрца,
І трон пусьцее, як душа.
Так новы князь да ўлады рвецца,
Нібыта грэшнік да крыжа.
Ён ладзіць баль у замку, поўным
Парсунаў велічы былой.
А за высокай сьпінкай трона
Стаіць славалюбівы вой,
Прымервае ў таемных марах
Плашч пурпуровы ўладара.
Ад скіпэтра зьбягае старасьць,
Як ад паэтава пяра.
Мяняюцца паны і чэлядзь.
Ня бачна прыгажунь былых.
То вераць Богу, то ня вераць
Між гэтых сьценаў залатых.
А празь вітраж праходзіць месяц
І набывае фарбы сноў...
Адзін астроляг з кутняй вежы
Перажывае ўладароў.
Ён трэба кожнаму – бо кожны
У прышласьць марыць зазірнуць,
Сузор’і Панны і Дракона
Ці прымірыць, ці абмінуць.
Бо кожны ведае: ня вечны
Ягоны род, ягоны зман.
І рвуць пергамэнт з рук старэчых,
Нібы магутны талісман.
Спазнаньне будучых няшчасьцяў,
Аднак, збавеньня не дае.
І ізумруд пярсьцёнка гасьне
Малой расінкай на траве.
Ідуць сузор’і вечным колам.
Ніжэе замак, памяць сьпіць.
У вежы кутняе астроляг,
Нібы сівы пугач, сядзіць.
А па карчомках навакольных
То п’е, то лаецца паэт.
І хто ўладарыць зараз тронам –
Бадай што, не цікавіць сьвет.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.