РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паляваньне каралевы Боны
Паліць вусны пал, як воцат.
Пушча. Коні. Зброі зьзяньне.
Каралева Бона Сфорца
Пачынае паляваньне.
 
Як палаюць шчокі ярка
І ў вачах пыхлівасьць стыне
Белай Русі валадаркі
З валасамі залатымі.
 
Вось абапал гордай Боны
Рыцары – ліцьвінскі зь ляшскім,
Закаханыя абодва
Без надзей на дотык ласкі.
 
І дарма так прагна воі
Позірк ловяць каралевы:
Сьпеліць плод яе любові
Залатое ўлады дрэва.
 
Толькі ўлада! Дзеля ўлады
Трубіць рог, палае сэрца
І загнаны зьвер калматы
Са стралою ў горле б’ецца.
 
Толькі ўлада! І жанчына
Арбалет трымае цьвёрда.
І тужлівы рык зьвярыны
Паляваньню –
                              ўзнагарода.
 
І – чуйдух!
Ахвярай новай
Будзе воўк і новы рыцар,
І ў кароне яснай Боны
Промнем больш пачне іскрыцца.
 
Каралева едзе конна
Белавежскаю дарогай,
Не кахаючы нікога,
Не шкадуючы нікога.
 
Рог турыны – голас боскі.
Вецер шлейф матляе вузкі...
...Справа плача – рыцар польскі,
Зьлева – рыцар беларускі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.