РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Баляда пра чорны шоўк і белыя карункі
1

 
Яна апранаецца ў чорны шоўк –
Ні золата, ні каменьняў.
Карункаў бель абпаляе зрок,
А твар цудоўны – ня меней.
А як засьпявае – растане лёд,
А рухаецца – што фея.
За гожасьць хваліць яе народ,
Але за розум – ня меней.
Пры каралеўскім тлумным двары
Зашмат прыгод куртуазных.
Але пра яе ніхто гаварыць
Благога ня змог ні разу.
Шчасьлівы, горды яе супруг!
Няма дабрадзейней жонкі.
І кавалераў радзее круг,
І шлюбны блішчыць пярсьцёнак.
«Ня бачыў сьвет такой скупінды!
Ня хоча шчасьцем дзяліцца!»
Сьмяецца Равіч, пан малады,
Ян Равіч, вясёлы рыцар.
«Ня быць мне рыцарам больш, калі
Той чорна-белай сарокі
Ды не злаўлю! Паглядзець карціць
На скарбы пад чорным шоўкам!»
І кінуў кубак пад стол юнак,
Ізноў засьмяяўся звонка:
«А я пакахаю цябе ня ў знак,
О, пані маршалка жонка!»
Скарыць жаночае сэрца – што
Прасьцей! І рэцэпт вядомы:
Напоўні кветкамі ейны дом,
Сьпявай, балбачы бяз стомы,
Прыкінься расчараваным ці
Дражні таямніцай страшнай.
А больш ці менш на грэх у жыцьці –
Каму з маладзёнаў важна!
Сьвятлее горад і цёмны брук
Ад квецені веснавой.
І гасьне лютні пяшчотны гук
І неба над галавой...
«Я сотні вершаў табе складу,
Вянок зь іх табе саўю.
Тканіна чорная – на бяду,
Прымі жар-барву маю!»
На паляваньні ці на імшы –
Ян побач з Пані сваёй.
«Або даб’юся – або ня жыць!»
Зьмяшаўся агонь з крывёй.
І вось паклікала юнака
Чароўная Пані ў дом.
О, шоўк бліскучы, нібы рака!
Карункі – як сьнег зь ільдом!
Страчае пані Яна сама,
Прыветная, як заўжды.
І згадкі страсьці ў вачох няма,
І ўсьмешка, як у сьвятых.
«Ты сьціплыя вартасьці ўсе мае
Уславіў, рыцар, наўзьдзіў.
І гэта права табе дае
Пабачыць, што ты ўзьлюбіў...»
Аплік за аплікам...
Шаўковы шнур
Упаў на белы дыван...
Гарсэт расхінаецца...
Патануў
У жаху сьмяротным Ян.
Пад чорным шоўкам пабачыў ён
Хваробы страшной сьляды.
Барвовы, аж да касьцей, агонь –
Згараюць у ім гады.
А пані пранікліва юнаку
У вочы глядзіць – і кажа:
«Страшыся, Яне, толькі граху.
Сьмерць, хворасьць – гэта ня страшна».
 

2

 
Душа – саламандра.
Агонь пакут
Яе незвычайна жывіць.
Як цяжка выбраць шлях юнаку.
Як лёгка зьмяніць ці кінуць.
Ян Равіч, дзе ты?
І келіх твой
Прыўлашчаны і дапіты.
А маладосьці хмяліць напой,
Як вочы Мадонны Літы!
Пакуль зацішша між войнаў – пі,
Гуляй, маладая шляхта!
А хто ў двабоі каго забіў,
Зьвёў жонку – помніць ня варта.
«Ці чулі, панства, а Равіч наш
Вясёлы – мніхам зрабіўся!» –
«Вось гэта вестка! Хоць стой, хоць ляж,
Хоць тройчы перахрысьціся». –
«Дальбог, ён праведнік і мудрэц,
Алхімік і лекар знаны.
І празь які ён прайшоў чысьцец?
Ці повідам апантаны?»
Квітнее зноў каралеўскі сад,
І зоры цямней пялёсткаў.
Чаму вярнуўся ты, Яне, брат,
На гэты чароўны востраў?
Такі знаёмы калісьці дом,
Балкон, дзе Яна стаяла
І чорна-белым цнатлівым сном
У промнях бяды растала...
«Вядзіце да Пані мяне хутчэй,
Я – лекар з краёў далёкіх.
І той агонь, што яе пячэ,
Стушу у імгненьне вока.
Ну што ж стаіце вы, як слупы?
Я вылечу вашу пані!
Я цэлы сьвет абышоў, каб быць
Са сьмерцю змагацца ў стане!
Ах, бель карункаў!
Ах, чорны шоўк –
Каханьня майго аздобы!» –
«...Ты многіх вылечыць, рыцар, змог
Ад гэтай страшнай хваробы.
І многіх вылечыш на зямлі
І словам Божым прасьвеціш.
Ды пані нічога больш не баліць.
Ёй шчасна ў інакшым сьвеце».
І мніх раптоўную змог тугу.
«Што ж, стрэчу яе ў інакшым!..
Я помню – «Страшыся толькі граху.
Сьмерць, хворасьць – гэта ня страшна».
Я далучыўся боскіх сьвятынь,
Іду да сэрца Прыроды...
Я не шкадую, што назаўжды
Са мной – два колеры цноты!»
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.