РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вінцэнт Дунін­-Марцінкевіч
Сіняя-сіняя ноч была,
Як вочы – колеру болю.
«Спыніць навучэньне.
Не навучаць.
Нікога больш. І ніколі».
Роднай мове – не навучаць.
Ні слова «хамам» – пра годнасьць.
Яе беларусы мусяць аддаць,
Як права на першароднасьць
Аддаў калісь галодны Ісаў.
Воля цара ці Бога
Ці то чыноўная драбяза
Так хоча – але – «Нікога!
Не навучаць!».
Не зазнае «хам»
Ні Буднага, ні Шэксьпіра,
І ён па загаду зруйнуе храм
І помнік засыпле жвірам.
«Не навучаць!»
Хай дзеці растуць
З пагардаю да Айчыны.
Хай у суседні народ ідуць
Найлепшыя іх мужчыны.
Дурныя, пыхлівыя сьлепакі!
У сьмерць беларусаў вераць.
Ня я навучу – дык навучаць іх
Вось гэты сівец і верас,
І зоры гэтыя, і агонь,
Што паліць пастух на лузе,
І казкі матчыны, і далонь
Ляснога возера,
                                    бусел,
Які не кідае свайго жытла
І верны сваёй сяброўцы,
Любіць Радзіму да скону, так
Як любяць расьліны – сонца.
Ня я навучу – дык навучаць іх
І годнасьці паўнакрылай
Магілы мёртвых і боль жывых,
Мае – і боль, і магіла...
...Сіняя-сіняя ноч была
І сінім-сінім быў позірк,
Калі агонь вясёлы жаваў
Урадавую адозву.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.