Першым беларускім вандроўным тэатрам
|
Воўчае сонца, цыганскае сонца Над Беларусьсю маёй паплыло. І па дарозе, як песьня, бясконцай Коцяцца шляхам, як гора, бясконцым Нашы калёсы, тэатр і жытло. Хто вы такія, у вышыванках Пані-панове? Зь якой стараны? – Мы – беларускае сцэны сьвітанак, Дзеці шляхцянак і дзеці сялянак, Мы – беларускія дочкі, сыны. Колы грукочуць, нібыта рагочуць Рэхам натоўпу ў мястэчках глухіх, Суму ня ўчуе, хто ўчуць не захоча. Зорак блішчаць васільковыя вочы. Як і да славы, далёка да іх. Гразнуць у лужынах коні і колы, Гразьне ў абразьлівых кпінах душа. Роднага слова востраў вясёлы, Першы тэатр беларускае школы Зараз – мішэнь для пляўка і глыжа. Воўчае сонца – шчыт для гэроя, Сьведак для злодзея – сьветла плыве. Толькі любоў да Радзімы нам зброя, Толькі бясконцая вера – у тое, Што адрадзіць мы пасьпеем яе. Сьпяць у павозцы паненкі-актрысы. Дай Бог бясхмар’я іх душам сьвятым! Белая Русь, ты празрыстая, чыстая, Ты перад ворагам здолела выстаяць, Перад сваёй жа пакорлівай сьціпласьцю, Саманяўвагай – ці выстаіш ты? Воўчае сонца, цыганскае сонца Над Беларусьсю маёй паплыло. І па дарозе, як песьня, бясконцай, Так, як змаганьне і вера, бясконцай Едзе вясны беларускай жытло.
|
|