 |
РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ
|
|
Вобразы мілыя роднага краю,
Смутак і радасьць мая!..
Якуб Колас
|
|
|
|
|
|
|
Стракаты ўбор блазна зьнішчае старасьць, І сівізна глядзіцца, як парык. Ды паж з табою гідзіцца гутарыць – Ты безнадзейна для яго стары. Ня хочаш верыць у свае маршчыны, То лаесься, то сілісься скакаць. Нахвальваеш, які ты ёсьць мужчына, – І сьмерць саму ўгаворыш пераспаць. Прывыклі ў замку да твайго дзівацтва. Але ў пакоі кутняй вежы ты, Сам-насам з галубамі і вар’яцтвам, Шчасьлівы, незалежны, малады, Глядзіш у ноч. Сьпяваеш пра галубку. Ніводнага люстэрка – толькі цень. І поўня гладзіць зморшчаныя рукі, І ўздрыгвае ад дотыку прамень. Спыніся, час! Сьсівелага сатыра Забыўся падсадзіць ты ў свой рыдван. Жыцьцё ляціць, як бальны танец, вірам, Бразготкаю, што круціць ураган. Сьпявай жа, маладзіся і блюзьнерствуй Перад паважнай сівізной старых, Стракатай лялькай – у батлейцы сьмерці. Ты – апаганшчык ліку дзён сваіх. Але калі з чарговым брудным жартам Павалісься пад балявальны стол Там, дзе віно разьлітае і карты Перамяшаў кашчунны твой анёл, І ўладу дзён тваіх забудзе сэрца, Заплачуць воскам сьвечкі угары, Гасьцей няёмка рогат абарвецца. І нехта скажа: «Ён жа быў стары...»
|
|
|
|
Падабаецца
Не падабаецца
|
|
2009–2020. Беларусь, Менск.
|
|
|