РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скокі сьмерці
1

 
Раскрыліся ізноў зямлі глухія нэтры.
І блазан, і кароль – у скокі Сьмерці – кроч!
Шалёны карагод кругі кругамі мерыць.
І ўсьмешкі ўсё шырэй, бяздоньней погляд воч.
І біскуп, і рабін, і вулічная дзеўка –
Ня выдзерці з рукі скалелую руку –
Імчаць за кругам круг.
Сатлелыя павекі
Ня скрыюць ад вачэй пустых –
                                                                      апошні круг.
Нябачны барабан прысьпешвае кружэньне.
Кашчавы дырыжор з бліскучаю касой
Свой аглядае баль.
Ні жалю, ні ўзрушэньня.
Такі вось насамрэч на могілках спакой.
 

2

 
І трэсьне мармуровая пліта,
І бронзавы анёл стаіць бязь німба...
Але ўсё тая ж звонкая вада
Цячэ зь нябёс на земляныя глыбы.
Жывыя ладзяць могілкі сабе.
Нябожчыкам яны наўрад ці трэба.
І смоўж паўзе па бронзавым ілбе,
І хмара прапаўзае выспу неба.
Ад штучных кветак глебе не ўтравець.
Яна сваю маўкліва робіць справу.
Скранецца крыж, пахіліцца ледзь-ледзь –
А ўжо няма пад ім цялеснай стравы.
Прысядзе на жалезны прэнт груган,
Стамлёны ад бясконцае здабычы.
І мармурова-бронзавы спадман
Сатлелай плоці не надасьць аблічча.
Усё, што мае памяць, – у зямлі,
А што ў зямлі – то сталася зямлёю.
І хмары, быццам душы, паплылі
Над будучай магілаю маёю.
 

3

 
Усе Там будзем.
Ну, а можа, Там
Для кожнага Сусьвет пачнецца ўласны
І ўсё, што тут любілі, здасца нам
Ня вартым чарапкоў разьбітай вазы.
Старонкі «Кнігі мёртвых» загарні –
Той шлях яшчэ ніхто не прадугледзеў.
Хітон манаскі разьдзімае вецер
На целе завадатара вайны.
Ні па сузор’ях, ні па страшных снах
Ня вылічыць сьцяжынкі пазасьветнай.
Ні пірамідаю, ні стодам медным
Душы зваротны не пазначыць шлях.
Дарэмна сьвечкі, быццам маякі,
На беразе Дзядоў мігцяць уночы –
Душа са сьцежкі прывіднай ня збочыць,
Пясок бясьсіла ссыпецца з рукі
Таго, хто на сустрэчу спадзяецца.
Ды сьпіць зьмяя там, дзе палала сэрца.
 

4

 
Паламаныя крыжы.
Абамшэлыя глыжы.
Штучных кветак мёртвы шэпат.
Шэры мокры саван неба.
Гэта могілкі мае,
Дзе мне мейсца не стае.
Тут закон людскі, ня Божы.
Мейсца купяць толькі грошы.
Праху прах стаўляе стод.
Невідочны душ палёт.
 

5

 
О мой кароль!
Хто сьпіць з табою побач,
Пад цяжкім слоем мокрага пяску?
Цяпер твая ўлюбёная Эўропа
Кавалачак – як выцягнуць руку.
Праз краты надмагільнай агароджы
Глядзіш ты, умурованы ў камень.
Там, у пяску, ты не такі прыгожы,
Дзе згусла не тваёй дзяржавы цень.
О мой кароль! У коле краявідаў,
Пакрэсьленых крыжамі, цяжка мне
Знайсьці шкадобы да магільных плітаў
І да гардыні, што пад імі тхне.
 

6

 
Мармуровыя анёлкі плачуць з бронзавых нябёсаў.
Сьлёзы іхнія, як шкельцы, разьбіваюцца аб дах
Цемнатварага касьцёла.
Ну а дожджык ходзіць босы,
І крывавыя пялёсткі на яго гараць сьлядах.
На магілках жухне траўка, агароджы іржавеюць.
А з анёлкаў мармуровых ані перайка ня ўзяць,
Каб з крывавай гэтай гнілі, з гэтай восеньскай завеі
Да нябёснай цьвердзі ўзьняцца, хоць на хвілю ачуняць.
Мармуровыя анёлкі, белавокія, як рыбы,
Шлях ад могілак вартуюць да сваіх цьвярдых нябёс,
Каб няўрымсьлівыя душы не імкнуліся да німбаў
І навек замкнуўся ў кола кожны, крыл ня варты, лёс.
Я праходжу па сьцяжынках, пратаптаных ледзьве бачна,
Між пагоркаў і каменьняў.
Шкло хрумсьціць, ліецца дождж.
Мармуровыя анёлкі над маёй радзімай плачуць.
І сьляза шкляная рэжа сэрца мне, нібыта нож.
 

7

 
Ня сыплюць іскры зорнага агню,
І цені не зьяўляюцца зь бясчасься.
Я нават іх ніколі не прысьню,
Каб Гамлетавай запаліцца жарсьцю.
Усё мінае, нават небыцьцё.
Цяперашніх імгненьняў не бывае.
Яны мінаюць, зносячы жыцьцё,
Нібы лісьцё, дзе вогнішча палае.
І па той бок ад попелу адно
Ёсьць тло. А душы – з дымам адляцелі.
І сьцежкі празь нябёсы не відно,
Куды дарэмна прагнуць нашы целы.
Самотная, над вогнішчам стаю.
Жыцьцё згарае. Дым імкнецца ў неба.
Але трымае плоць душу маю,
Як над агнём пруток – скарынку хлеба.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.