РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Людміла Рублеўская
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Нямое кіно
Калі кінематограф перастаў
Быць чорна-белым і нямым – адразу
Старых артыстаў скінуў п’едэстал,
І не ўтрымаць цяжкое кола часу.
Ах, гэніі нямых кінакарцін!
Якія жэсты і якія страсьці!
Як погляды гарэлі! А ў жыцьці
І твар, і голас кожны зь іх растраціў.
І сьмешныя былі яны, нібы
Сьляпыя кажаны, прарокі ночы,
На дзённым сонцы. Не лятаць сьляпым
І зморшчыны ніводнай не сурочыць.
І наш нямы адчай, нямы імпэт,
Відаць, ненатуральнымі здадуцца:
«Чаму пра тое так крычаў паэт,
Што зразумелым век было і будзе?»
Але, як бронзу – пацінай, і нас
Прыкрасіць час налётам рамантычным.
...Дрыготкі, як матыль, нямы экран,
Старых акцёраў боскія абліччы.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.